Ангола

Рэспубліка Ангола
парт.: República de Angola
Flag of Angola.svg Герб Анголы
Сцяг Анголы Герб Анголы
Location Angola AU Africa.svg
Дэвіз: «Virtus Unita Fortior
лат.:Адзінства забяспечвае сілу»
Гімн: «Наперад, Ангола!»
Дата незалежнасці 11 лістапада 1975 (ад Партугаліі)
Афіцыйная мова партугальская
Сталіца Луанда
Найбуйнейшыя гарады Луанда
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт Жуан Ларэнсу
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
22-я ў свеце
1 246 700 км²
малаваж.
Насельніцтва
• Ацэнка (2009)
Шчыльнасць

18 498 000[1] чал. (59-я)
14,8 чал./км²
ВУП
  • Разам (2008)
  • На душу насельніцтва

$105,078 млрд[2]  (62-ы)
$6251[2]
ІРЧП (2007) 0.564 (143-ы)
Валюта кванза
Інтэрнэт-дамен .ao
Код ISO AGO
Тэлефонны код +244
Часавыя паясы +1

Анго́ла (парт.: Angola), Рэспу́бліка Анго́ла (парт.: República de Angola) — дзяржава ў паўднёва-заходняй частцы Афрыкі. Мяжуе на поўначы з Рэспублікай Конга, на поўначы і паўночным усходзе — з Дэмакратычнай Рэспублікай Конга, на ўсходзе — з Замбіяй, на поўдні — з Намібіяй. На захадзе тэрыторыя краіны абмываецца водамі Атлантычнага акіяна, працягласць берагавой лініі — 1600 км. Сталіца — г. Луанда (каля 4,5 млн жыхароў). Іншыя буйныя (звыш 100 тыс. жыхароў) гарады — Уамба, Лубанга, Бенгела, Намібе. Грашовая адзінка — кванза (1 дол. ЗША = 74,8 кванз). Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці, адзначаецца 11 лістапада. Дзяржаўная мова — партугальская.

Тэрыторыя — 1246,7 тыс. кв. км (краіна займае па плошчы тэрыторыі 7-е месца на Афрыканскім кантыненце), у адміністрацыйным дачыненні падзеленая на 18 правінцый, уключаючы сталіцу, якая мае аналагічны статус, 157 муніцыпалітэтаў і звыш 500 сельскіх адміністрацыйных адзінак — камун.

Клімат — вільготны трапічны на поўначы, умераны ў цэнтральнай частцы краіны, засушлівы на поўдні. Сезон дажджоў працягваецца з кастрычніка па красавік, сухі — з мая па верасень.

Упершыню еўрапейцы (партугальцы) з'явіліся на тэрыторыі Анголы ў 1482 г. У гэты час тут існаваў шэраг дзяржаўных утварэнняў. У XVI ст. партугальцы заснавалі на ўзбярэжжы Анголы шэраг апорных пунктаў, у тым ліку ў 1576 г. — Сан-Паўлу-ды-Луанда (цяперашняя Луанда). Да канца XIX ст. Партугалія завяршыла каланізацыю тэрыторыі сучаснай Анголы. У лютым 1961 г. пачалася нацыянальна-вызваленчая барацьба ангольскага народа за ліквідацыю партугальскага каланіялізму. Яна вялася пад кіраўніцтвам трох сфармаваных на этнічнай аснове арганізацый — Народнага руху за вызваленне Анголы (МПЛА), Нацыянальнага фронту вызвалення Анголы (ФНЛА) і Нацыянальнага саюза за поўную незалежнасць Анголы (УНІТА). На працягу доўгага часу паміж імі існавала суперніцтва, якое ў 1975 г. перарасло ў ваеннае супрацьстаянне.

11 лістапада 1975 г. у Луандзе кіраўніцтва МПЛА абвясціла нацыянальную незалежнасць Анголы. УНІТА на чале з Ж. Савімбі працягнула ўзброеную барацьбу за ўладу, у асобныя перыяды кантралюючы да 2/3 тэрыторыі краіны. Кропка ва ўнутрыангольскім канфлікце, які стаў адным з самых працяглых на Афрыканскім кантыненце, была пастаўленая ў красавіку 2002 г., калі пасля смерці Ж. Савімбі прадстаўнікі ангольскага ўраду і УНІТА падпісалі Мемарандум аб спыненні ваенных дзеянняў. У лістападзе 2002 г. было абвешчана аб завяршэнні мірнага ўрэгулявання ў Анголе, а ў снежні таго жа года ААН адмяніла міжнародныя санкцыі, уведзеныя раней у дачыненні УНІТА.

Ангола — прэзідэнцкая рэспубліка. Прэзідэнт адначасова з'яўляецца кiраўнiком урада і галоўнакамандуючым узброенымі сіламі. Па канстытуцыі прэзідэнт абіраецца на 5 гадоў. Жазэ Эдуарду душ Сантуш (глава дзяржавы з 1979) займае гэты пост у адпаведнасці з вынікамі першага тура прэзідэнцкіх выбараў 1992 году. Ён не перавыбіраўся на новы тэрмін з прычыны немагчымасці правядзення выбараў ва ўмовах грамадзянскай вайны, якая доўжылася да 2002. Чарговыя выбары главы дзяржавы запланаваныя на 2009.

Вышэйшы заканадаўчы орган — Нацыянальная асамблея (аднапалатны парламент, які складаецца з 220 дэпутатаў). Цяперашні склад абраны ў 1992, 129 месцаў прыналежаць МПЛА, 70 — УНІТА, 6 — Партыі сацыяльнага абнаўлення Анголы (ПРС), 5 — Нацыянальнаму фронту вызвалення Анголы (ФНЛА), 3 — Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ПЛД) і па адным месцы — шэрагу дробных партый. Старшыня Нацыянальнай асамблеі — Раберту дэ Алмейда.

Правядзенне парламенцкіх выбараў у Анголе вызначана на верасень 2008 году.

У краіне налічваецца звыш 100 партый і палітычных арганізацый, шмат з якіх існуюць толькі намінальна. Кіроўныя пазіцыі займае МПЛА — партыя сацыял-дэмакратычнай арыентацыі (каля 1,3 млн членаў), якая мае статус кансультатыўнага члена Сацыялістычнага інтэрнацыяналу. Найбольшым уплывам МПЛА карыстаецца сярод жыхароў гарадоў, узбярэжнай зоны, а таксама правінцый Луанда, Бенга, Паўночная Кванза, Маланже. Старшыня партыі — Ж. Э. душ Сантуш, генеральны сакратар — Жуліау Матэвуш Паўла.

Вядучая апазіцыйная партыя — УНІТА. Абапіраецца першым чынам на самае шматлікае ў Анголе племя авімбунду, якое насяляе цэнтральныя правінцыі (Уамба, Біе, Паўднёвая Кванза, Бенгела), а таксама збольшага на племя баконга, што пражывае ў паўночных правінцыях (Уіжэ, Зайрэ). Пасля смерці заснавальніка УНІТА Ж. Савімбі (люты 2002) адбылося аб'яднанне розных груповак партыі, уключаючы ваеннае крыло. Старшыня партыі- І. Самакува.

Пасада прэм'ер-міністра, які ажыццяўляе аператыўнае кіраўніцтва ўрадам, займае Фернанду ды Піедадэ Дыяш душ Сантуш «Нандо» (з 2002).

Судовая сістэма Анголы ўключае ў сябе Канстытуцыйны суд (да цяперашняга часу не створаны, яго функцыі выконвае Вярхоўны суд), Вярхоўны суд, а таксама правінцыйныя і муніцыпальныя суды.

Міністр замежных спраў з 1998 г. — Жуан Бернарду дэ Міранда (Міністэрства замежных спраў).

Насельніцтва (май 2008) — больш за 14,5 млн чалавек. Асноўныя этнічныя групы — авімбунду (37 %), кімбунду (25 %), баконга (13 %), чоквэ, куаньяма/авамба, ньянека, нгангела, кабінда і інш — 25 %. Прырост насельніцтва складае каля 3 % у год. У гарадах пражывае больш 40 % насельніцтва краіны.

Асноўныя рэлігіі. Больш паловы ангольцаў — каталікі, 35 % — пратэстанты, астатнія прытрымваюцца традыцыйных вераванняў.

Сярэдняя працягласць жыцця складае 40 гадоў. Дзіцячая смяротнасць — адна з самых высокіх у свеце (260 на 1000 дзяцей ва ўзросце да 5-ці гадоў, 154 — на 1000 нованароджаных). 65 % жыхароў Анголы не абхопленыя базавым медыцынскім абслугоўваннем. Адзначаны рост захворвання СНІДам. Застаецца надзвычай высокім узровень смяротнасці ад малярыі і інфекцыйных захворванняў.

Непісьменнасць насельніцтва ва ўзросце старэй 15 гадоў — каля 42 %.

Па запасах карысных выкапняў Ангола з'яўляецца адной з найбагацейшых краін Афрыкі. У Анголе маюцца радовішчы нафты (агульныя запасы — 4,2 млрд т., прамысловыя — 420 млн т), газу, алмазаў, жалезнай (0,2-0,5 млрд т.) і меднай (125—280 млн т) руд, фасфарытаў (60-150 млн т), кварца (0,8-1 млрд т), граніту (1,2 млрд т), золата, серабра, рэдказямельных элементаў, гіпсу, сыравіны для вытворчасці цэменту. Валодае вялікімі гідраэнергетычнымі рэсурсамі (па ацэнцы парадку 1,9 млрд кВт*г).

Сацыяльна-эканамічнае становішча Анголы застаецца складаным. Шматгадовая грамадзянская вайна нанесла краіне сумарную матэрыяльную шкоду парадку 20 млрд дол. ЗША. Агульны аб'ём прамысловай вытворчасці, за выключэннем здабычы нафты, скараціўся да 10 % ад узроўню 1973. Узровень жыцця ў краіне працягвае заставацца нізкім: прыбыткі 70 % ангольцаў складаюць меней 1 дол. у дзень. Некаторае аздараўленне эканамічнай сітуацыі дасягаецца галоўным чынам за кошт павелічэння прыбыткаў ад экспарту прадуктаў нафтавай і горназдабываючай галін. У 2007 у Анголе здабывалася 1,7 млн барэляў нафты ў дзень (625,7 млн барэляў у год). Да 2010 плануецца давесці здабычу да 2,6 млн барэляў нафты ў дзень. Доля нафты ў ангольскім ВУП складае каля 60 %, а ў агульным аб'ёме паступленняў у бюджэт — 80 %.

Аб'ём ВУП у 2007 па папярэдніх дадзеных, склаў парадку 59 млрд дол. ЗША, ВУП на душу насельніцтва — 2780 дол. ЗША. Тэмпы росту ВУП у 2007 годзе — каля 23 %. Інфляцыя ў 2007 склала троху меней 12 %.

Другім па значэнні пасля нафтавага застаецца горназдабываючы сектар, высокія тэмпы росту якога забяспечвае дыяментна-брыльянтавы комплекс. У 2007 у Анголе было здабыта 9,7 млн карат дыяментаў, што ў коштавым выразе склала парадку 1,3 млрд дол. ЗША. У адпаведнасці з прагнозамі ў 2008 вытворчасць неапрацаваных дыяментаў у краіне дасягне 10 млн карат.

Па дадзеных Сусветнага банка, валютныя рэзервы Анголы выраслі з 3 млрд дол. у снежні 2005 да 9,2 млрд дол. да канца 2006, а ў 2007 склалі 13,5 млрд дол. За кошт павелічэння золатавалютных запасаў урадам створаны стабілізацыйны фонд.

Нягледзячы на рост сельскагаспадарчай вытворчасці, які адзначаецца ў апошні час, краіна мае сур'ёзныя цяжкасці з забеспячэннем насельніцтва прадуктамі харчавання. Сельская гаспадарка задавальняе толькі 10 % патрэбнасцяў краіны ў харчаванні і сыравіне.

Валютныя паступленні Анголы ў асноўным забяспечваюцца за кошт вывазу нафты, газу і нафтапрадуктаў, а таксама неапрацаваных дыяментаў. За кошт павелічэння продажу нафты рэзка выраслі аб'ёмы ангольскага экспарту (90 % — нафта), У 2006 экспарт дасягнуў 35 млрд дол. ЗША (2005 — 20 млрд дол. ЗША, 2004 — 13,5 млрд дол. ЗША). Імпарт 2006 — 10,5 млрд дол. ЗША (2005 — 9 млрд дол. ЗША, 2004 — 5,8 млрд дол. ЗША). Гандлёвыя і знешнеэканамічныя сувязі арыентаваныя першым чынам на такія краіны, як ЗША, Партугалія, ПАР, КНР, Францыя, Германія, Бразілія.

Магчымасці мясцовага турызму з-за сацыяльнай напружанасці, якасці дарог і слаба развітай інфрастуктуры абмежаваныя. Разам з тым ангольскі ўрад праяўляе зацікаўленасць у развіцці турыстычнага сектара, разглядаючы яго ў ліку магчымых напрамкаў дыверсіфікацыі нацыянальнай эканомікі.

У цяперашні час транспартная галіна Анголы находзіцца ў крытычным стане. Многія аўтамабільныя дарогі і чыгункі, а таксама аэрапорты сталі непрыдатныя для выкарыстання або находзяцца ў аварыйным стане, значная частка партоў не здольная прымаць грузы. Статус міжнароднага аэрапорта мае толькі сталічны аэрапорт «4-га лютага». Працягласць чыгуначнай сеткі — 2719 км.

У Луандзе дзейнічаюць 5 універсітэтаў, з якіх найболей буйнымі з'яўляюцца Дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Нета (6,5 тыс. студэнтаў) і Каталіцкі ўніверсітэт (філіял лісабонскага ўніверсітэта «Лузіяда»).

Існуе два дзяржаўных канала тэлебачання, адна дзяржаўная і некалькі незалежных радыёстанцый, выдаецца штодзённая ўрадавая газета «Жорнал дэ Ангола», некалькі штотыднёвых незалежных выданняў.

Шаблон:АПЕК

Other Languages

Copyright